07.04.2026. Чатыры новыя кнігі ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Стала вядома, што 2 красавіка 2026 года ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі дададзеныя чатыры новыя кнігі:

Нагадваем, што ўнясенне кнігі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» цягне за сабой жорсткія прававыя наступствы, у тым ліку адміністрацыйную адказнасць за выраб, выданне, захаванне або перавозку забароненай кнігі. «Забароненыя дзеянні» на практыцы кваліфікуюцца неабгрунтавана шырока. Санкцыі вар’ююцца ад буйных штрафаў да адміністрацыйнага арышту, што робіцца стрымальным фактарам для аўтараў, выдаўцоў і чытачоў.

Больш падрабязна пра юрыдычныя наступствы вы можаце прачытаць тут.


Макар, «Апошняе пакаленне»

«Апошняе пакаленне» — аповесць пра мінскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у рэаліях эпохі пасля 2020 года. Галоўны герой Мікіта працуе ў рэкламным агенцтве, у атачэнні людзей з кардынальна рознымі поглядамі на жыццё. Ён знаходзіцца ў нервовым пошуку «правільнага» шляху, у той час як хтосьці, як ягоная калега, выбірае шлях змагання за праўду, бо не можа проста сядзець на месцы і чакаць.

Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваннем, якія пануюць сёння. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці.
І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас.

Купіць кнігу


Каміла Цень, «Наступны прыпынак – смерць»

Захапляльны беларусскі дэтэктыў. Малады журналіст выпадкова заўважае ў метро дзіўную сцэну, якая становіцца пачаткам небяспечнага расследавання. Таямнічае знікненне, цені мінулага і горад, які захоўвае свае вусцішныя сакрэты…

Дзве новыя аповесці Камілы Цень. Прыгоды кантралёркі грамадскага транспарту Зінаіды Юр’еўны працягваюцца! Яшчэ больш вандровак па каларытных мясцінах Мінска: гэтым разам галоўныя месцы падзей — парк 50-годдзя Кастрычніка і інтэрнаты ля метро Магілёўская. Яшчэ больш загадак, з якімі можа даць рады толькі непаўторны дуэт Юр’еўны і Гаркавага. Не горш за Холмса і Уотсана!

Купіць кнігу


Макс Шчур, «Там, дзе нас няма»

Дзеянне дэбютнага (2004 г.) рамана Макса Шчура адбываецца недзе ў паралельным сусвеце, які ёсць радыкальна бязглуздай версіяй Беларусі залаталіхіх дзевяностых гадоў.

Крытыкі вызначаюць жанр раману як сатырычную антыўтопію, але ёсць у кнізе месца і дэтэктыву, і парапсіхалогіі, і нават этнафіласофіі няіснага этнасу. У 2004 годзе рукапіс раману быў уганараваны прэміяй Янкі Юхнаўца, а ў 2022 годзе электроннае выданне кнігі трапіла ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройця.

Купіць кнігу


Аляксандр Цвікевіч, «Гістарычныя працы. Том 1»

Зборнік твораў беларускага нацыянальнага дзеяча, старшынi Рады народных міністраў БНР і ураджэнца Брэста Аляксандра Цвікевіча. Кніга змяшчае ў сабе гістарычныя і гісторыка-публіцыстычныя працы, у тым ліку «За­ход­не­русізм», «Адраджэнне Беларусі і Польшча», «Інстытут бе­ла­рус­кае культуры», якія выйшлі пры жыцці аўтара асобнымі кніга­мі, дзве брашуры, прысвечаныя гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, і шэраг артыкулаў на адпаведную тэматыку.

Падобны крок ужо рабілі савецкія ўлады ў чэрвені 1937 году. Тады выйшаў загад Галоўліту БССР усе кнігі Цвікевіча спаліць. У снежні таго ж году ў Менску расстралялі і самога Аляксандра Цвікевіча.