15 лістапада 2025 года ў Гданьску была прэзентаваная выстава, прысвечаная забароненым у Беларусі кнігам. Выстава адкрылася ў межах цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця – найбуйнейшай беларускай літаратурнай прэміі. Што ж убачылі ў гданьскім Цэнтры еўрапейскай салідарнасці наведнікі візуальнага праекта, прысвечанага літаратуры, забароненай уладамі Беларусі? Якім было іх прачытанне арыгінальна аформленых постараў і моцнай інфармацыі ад каманды Беларускага ПЭНа?
Выстава ўжо дэманстравалася на пачатку восені ў Кракаве – на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа – і выклікала вялікую ўвагу. Бо гэта праблема не толькі нашая: спробы кантраляваць слова – на жаль, сусветная практыка.
Каментуе паэтка, кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
Сабраныя на нашай выставе кнігі вельмі розныя: жанрамі, тэмамі, геаграфіяй, глыбінёй чалавечага досведу. Але аб’ядноўвае іх адно: непрыманне ідэй таталітарнай дзяржавы. Яны паказваюць іншыя мадэлі жыцця, альтэрнатыўныя версіі рэальнасці. Гэтыя творы і іх аўтары не ставяць межаў ні эмоцыям, ні думкам – і таму небяспечныя.
Сапраўдная літаратура не падпарадкоўваецца ўладзе, а проста слухае жыццё, ловіць яго дыханне і праз гэта і адлюстроўвае, і фармуе новы грамадскі парадак. Не прыслужвае – вось у чым яе галоўная віна перад дыктатурай.
У павелічальнай да абсурду чыноўніцкай оптыцы нават у нашага першадрукара можна адшукаць «небяспечныя» радкі. А колькі «мінаў запаволенага дзеяння» бачаць ідэолагі ў Купалы, Арсенневай, Ластоўскага, Някляева, Бахарэвіча, Севярынца… У нашых класікаў, сучаснікаў, замежных аўтараў.
У краіне, дзе праўда лічыцца пагрозай, а служэнне людзям – падазроным учынкам, словы свабодных творцаў гучаць як выклік. З’яўляюцца нагодай для забароны. Бо гаворка не пра пакору чарговаму начальству, а пра адказнасць перад сабой і Беларуссю.
Чытайце рэпартаж цалкам па спасылцы.
Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз.