27.02.26. Шаснаццаць новых кніг у афіцыйным спісе «шкодных нацыянальным інтарэсам»

26 лютага 2026 года ў спіс друкаваных выданняў, якія, паводле версіі ўладаў, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», дадаліся 16 новых кніг:

  • 226. «Улыбка – пилигрим души: стихи, переводы» Владимир Хорошко
  • 227. «БДСМ. Бесконечная доброта, сострадание и милосердие» Александр Чащин
  • 228. «Твоя Мари» Марианна Крамм
  • 229. «Уроки во грехе» Пэм Гудвин
  • «Дневник каннибала. История японского людоеда, который вместо срока получил славу» Иссэй Сагава
  • «Нация прозака» Элизабет Вуртцель
  • «Семь лепестков» Сергей Кузнецов
  • «Амнезия души» Татьяна Коган
  • «Лампа Мафусаила, или Крайняя битва чекистов с масонами» Виктор Пелевин
  • «Прошу, убей меня! Подлинная история панк-рока в рассказах участников» Легс Макнил, Джиллиан Маккейн
  • «Песнь Ахилла» Мадлен Миллер
  • «Лес мертвецов» Жан-Кристоф Гранже
  • «Освобождение» Патрик Несс
  • «Абсолютист» Джон Бойн
  • «Изысканный труп» Поппи Брайт
  •  «Фистула» Артём Серебряков

Увесь спіс ёсць на нашым сайце.

У тым ліку, спіс папоўніўся кнігамі, што з’яўляюцца важнымі здабыткамі сусветнай літаратуры і культуры:

Элізабет Вурцель – «Нацыя празака» (1994 год)

Гэта знакавы твор для амерыканскай культуры 90-х. Мемуары сталі бестселерам. Шчырая і балючая споведзь маладой жанчыны, якая змагаецца з дэпрэсіяй у эпоху росквіту амерыканскай поп-культуры 90-х. Гэтая кніга стала маніфестам пакалення і адкрыла тэму ментальнага здароўя для шырокага абмеркавання.

Віктар Пялевін – «Лямпа Мафусаіла, або Крайняя бітва чэкістаў з масонамі» (2016 год)

Адзін з самых вядомых сучасных расійскіх пісьменнікаў. Пялевін – лаўрэат шматлікіх прэмій, кожны яго новы раман становіцца культурнай падзеяй. Забаронены раман выйшаў у свет у 2016 годзе. Постмадэрнісцкі кактэйль з містыкі, канспіралогіі і вострай сатыры на сучасную расійскую рэчаіснасць. Пялевін майстэрскі сутыкае ў адной прасторы масонаў, чэкістаў і лічбавыя тэхналогіі, шукаючы адказы на вечныя пытанні праз абсурд.

Макніл Лэгз, Маккейн Джыліян – «Калі ласка, забі мяне!» (1997 год)

Гэта «біблія» панк-року, складзеная з сотняў інтэрв’ю з музыкамі, тусоўшчыкамі і відавочцамі эпохі. Брутальная, смешная і сумленная гісторыя пра закуліссе жыцця Ігі Попа, гурта Ramones і станаўленне цэлай субкультуры без цэнзуры. У кнізе амаль няма аўтарскага тэксту (за выключэннем уступу і ўласных успамінаў Лэгза Макніла як аднаго з заснавальнікаў часопіса Punk); яна пабудаваная з фрагментаў інтэрв’ю, узятых у музыкаў.

Мадлен Мілер – «Песня Ахіла» (2011 год)

Гэты раман стаў сапраўднай сенсацыяй. У 2012 годзе ён атрымаў прэстыжную брытанскую прэмію Orange Prize for Fiction (цяпер Women’s Prize for Fiction). Кніга зʼяўляецца міжнародным бестселерам. Раман увайшоў у шорт-ліст прэміі Stonewall Book Award 2013 года і прэміі Chautauqua Prize 2013 года. Кампанія Universal Pictures набыла правы на экранізацыю рамана. Гэта гамераўская «Іліяда», расказаная ад імя Патрокла, непрыкметнага героя, які стаў найлепшым сябрам і спадарожнікам Ахіла.

Жан-Крыстоф Гранжэ – «Лес мерцвякоў» (2009 год)

Класік сучаснага французскага трылера, аўтар знакамітых «Пурпурных рэк». Яго кнігі маюць велізарныя тыражы па ўсім свеце і часта становяцца асновай для фільмаў. Змрочны інтэлектуальны трылер, дзе галоўная гераіня – суддзя, якая спрабуе раскрыць серыю рытуальных забойстваў. Аўтар віртуозна апускае чытача ў свет антрапалогіі і першабытных страхаў, трымаючы ў напружанні да апошняй кропкі.

Патрык Нэс – «Вызваленне» (2017 год)

Брытанска-амерыканскі аўтар, які двойчы атрымліваў Медаль Карнэгі (найвышэйшая ўзнагарода ў дзіцячай і падлеткавай літаратуры Вялікабрытаніі). Яго творы экранізуюцца ў Галівудзе (напрыклад, «Голас монстра»). Эмацыйна насычаная гісторыя аднаго самага важнага дня ў жыцці падлетка, напоўненая таямніцамі і пошукам уласнай ідэнтычнасці. Гэта глыбокая проза пра першае каханне, сямейныя траўмы і мужнасць прыняць сябе такім, які ты ёсць.

Джон Бойн – «Абсалютыст» (2011 год)

Знакаміты ірландскі пісьменнік, аўтар сусветнага бестселера «Хлопчык у паласатай піжаме». Яго кнігі перакладзены на дзясяткі моў і рэгулярна намінуюцца на міжнародныя прэміі (напрыклад, Дублінскую літаратурную прэмію). Магутная псіхалагічная драма пра падзеі Першай сусветнай вайны, дзе галоўны герой наведвае сям’ю загінулага таварыша, каб перадаць яго лісты. Раман падымае складаныя пытанні сумлення, здрады і таго, як цяжка захаваць чалавечнасць у часы татальнага варʼяцтва.