4.09.25. Новы аналітычны матэрыял «Беларуская кніга пад прэсам рэпрэсій»

Чытайце на нашым сайце новы аналітычны матэрыял «Беларуская кніга пад прэсам рэпрэсій».

Гэты матэрыял адлюстроўвае сучасны стан беларускай літаратуры. Ён заснаваны на звестках маніторынгу Беларускага ПЭНа і на дзесяці інтэрв’ю, праведзеных са студзеня па жнівень 2025 года з літаратарамі і Людзьмі Слова – пісьменнікамі, паэтамі, перакладчыкамі, выкладчыкамі, выдаўцамі і даследчыкамі. Яны прадстаўляюць як незалежны, так і дзяржаўны сектары культуры. У аглядзе адлюстраваны факты ціску і статыстыка пераследу беларускіх аўтараў, асноўныя цяжкасці і наступствы для літаратуры ўнутры краіны, патрэбы незалежнай літаратурнай супольнасці.

2020 год стаў пераломным для сферы культуры Беларусі. Паступальнае развіццё (наколькі яно магчымае ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы) не проста затармазілася: створаныя незалежным сектарам структуры былі фактычна знішчаны, як і адносная творчая свабода, якая раней у пэўнай ступені адчувалася нават у афіцыйных установах.

Людзі культуры, у тым ліку літаратары, выйшлі на пратэст, які пасля абярнуўся маштабнымі рэпрэсіямі – ад крымінальнага пераследу да выціскання з публічнай прасторы. Беларуская кніга апынулася ва ўмовах інстытуцыйнага ціску, механізмы цэнзуры і адміністрацыйныя бар’еры ператварыліся ў сістэмны інструмент барацьбы супраць свабоды слова.

Аднак дзяржаўны сектар літаратуры працягвае падтрымлівацца за кошт адміністрацыйнага рэсурсу: выдавецтвы субсідуюцца, праўладны Саюз пісьменнікаў атрымлівае бюджэтныя сродкі, захоўваюцца практыкі савецкага часу – дзяржзаказ, дзяржзакуп, «добраахвотна-прымусовая» падпіска; у спіс «сацыяльна значных» выданняў уключаюцца кнігі праўладных прапагандыстаў. Адначасова незалежны кніжны рынак апынуўся пад беспрэцэдэнтным ціскам: ідзе планамерная барацьба з «няправільнымі» кнігамі, іх аўтарамі і чытачамі.

«Нормай» стала ліквідацыя грамадскіх аб’яднанняў, пазбаўленне выдаўцоў ліцэнзій, дыфамацыя творцаў, канфіскацыя кніг, забарона на іх захоўванне і распаўсюд. Навідавоку шматлікія формы цэнзуры – уключаючы прызнанне «экстрэмісцкімі» навуковых прац, гістарычных матэрыялаў, твораў сучасных беларускіх аўтараў і класікаў айчыннай літаратуры. З’явіўся таксама асобны спіс друкаваных выданняў, «здольных нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». І ўсё гэта – толькі частка рэпрэсій, якія зазнае свабодная кніга на працягу апошніх пяці гадоў.

Чытайце агляд цалкам па спасылцы.