04.08.2026. Тры новыя пазіцыі ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Як стала вядома Беларускаму ПЭНу, 31 ліпеня 2026 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тры друкаваныя выданні:

Усе тры кнігі былі выдадзеныя ў 2026 годзе.

Аляксандр Баль – беларускі аўтар і выканаўца. Забароненыя зборнікі змяшчаюць яго антываенныя песні і грамадзянскую лірыку. Зборнікі выдадзеныя прыватна адзінкавым тыражом.

Алег Кашын – расійскі журналіст у эміграцыі. Яго кніга – публіцыстычны дзённік з запісамі 2024–2025 гадоў, прысвечаны расійска-ўкраінскай вайне і сусветнай палітыцы.

Гэтае рашэнне паказальнае па некалькіх прычынах.

Па-першае, рэпрэсіўная сістэма ўсё хутчэй рэагуе на новыя выданні: тэрмін ад публікацыі кнігі да яе забароны скараціўся да некалькіх месяцаў.

Па-другое, аб’ектам пераследу сталі антываенныя творы і незалежная публіцыстыка. Прызнанне лірыкі «экстрэмісцкай» азначае, што караецца ўжо не дзеянне і нават не заклік да яго, а аўтарскае адчуванне свету. Гэта супярэчыць міжнародным стандартам і артыкулу 51 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду мастацкай творчасці.

Па-трэцяе, кніга Кашына не прысвечаная Беларусі, не распаўсюджвалася праз беларускі кніжны рынак і не была скіраваная супраць беларускіх уладаў. Яе забарона паказвае, што спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» выкарыстоўваецца не для нейтралізацыі рэальнай пагрозы, а для ізаляцыі беларускага чытача ад незалежнай публіцыстыкі як такой.

З юрыдычнага пункту гледжання гэтае рашэнне не адпавядае патрабаванням артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, парушае нормы артыкулаў 15 Міжнароднага пакта аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах, артыкулаў 33, 34 і 51 Канстытуцыі і 2, 35, 38 Кодэкса аб культуры, якія ўскладаюць на дзяржаву пазітыўны абавязак спрыяць і распраўсюджваць дасягненні культуры. Беларускае заканадаўства вызначае «экстрэмізм» настолькі шырока, што аўтары не могуць загадзя прадбачыць, ці будзе іх тэкст забаронены. Ні зборнік песень, ні публіцыстычны дзённік не ствараюць пагрозы нацыянальнай бяспецы або грамадскаму парадку, а задушэнне іншадумства не можа лічыцца легітымнай мэтай.

Працэдура прыняцця такіх рашэнняў таксама застаецца непразрыстай: пасяджэнні праходзяць у закрытым і спрошчаным парадку, аўтары і выдаўцы фактычна пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы, а судовыя рашэнні і заключэнні экспертных камісій не публікуюцца. Асобнай працэдуры выключэння кнігі са спіса заканадаўства не прадугледжвае.

Пасля рашэння ад 31 ліпеня колькасць кніг, забароненых у Беларусі перавысіла 369, а колькасць аўтараў і аўтарак пад забаронай – 307.

Беларускі ПЭН разглядае гэта не як адзінкавы выпадак, а як чарговы эпізод сістэмнай і адвольнай палітыкі культурных рэпрэсій.
Мы заклікаем адмяніць неправамерныя судовыя рашэнні і выключыць выданні са спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Мы працягваем дакументаваць кожны выпадак парушэння культурных правоў, каб сведчанні пра гэтыя рэпрэсіі былі захаваныя для гісторыі і будучых юрыдычных ацэнак.