Як стала вядома Беларускаму ПЭНу, 7 верасня 2026 года суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу:
«Ноа» Марка Леві – заключная частка трылогіі пра «Групу 9», каманду хакераў, якія выкрываюць карупцыю і злачынствы ўплывовых людзей. Гэтым разам у цэнтры сюжэта – аўтарытарная дзяржава, палітычныя зняволеныя і спроба вызваліць апазіцыянера. Частка дзеяння адбываецца ў Беларусі: сярод пазнавальных рэалій – Мінск і Акрэсціна. Героі сутыкаюцца з рэпрэсіямі, сачэннем і сістэмай, у якой за нязгоду з уладай можна апынуцца за кратамі.
Можна меркаваць, што менавіта гэтая пазнавальнасць і магла стаць прычынай забароны кнігі ў Беларусі. Хоць раман мастацкі, апісаная ў ім дыктатура мае выразныя беларускія рысы: палітычныя зняволеныя, Акрэсціна, пераслед апанентаў улады і супраціў рэпрэсіўнай сістэме. На фоне таго, што забароны кніг у Беларусі выкарыстоўваюцца і як інструмент палітычнай ды ідэалагічнай цэнзуры, такі сюжэт наўрад ці мог застацца па-за ўвагай уладаў.
Нагадваем, што ўнясенне кнігі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» цягне за сабой жорсткія прававыя наступствы, у тым ліку адміністрацыйную адказнасць за выраб, выданне, захаванне або перавозку забароненай кнігі. «Забароненыя дзеянні» на практыцы кваліфікуюцца неабгрунтавана шырока. Санкцыі вар’ююцца ад буйных штрафаў да адміністрацыйнага арышту, што робіцца стрымальным фактарам для аўтараў, выдаўцоў і чытачоў. Больш падрабязна пра юрыдычныя наступствы вы можаце прачытаць тут.
Мы працягваем дакументаваць кожны выпадак парушэння культурных правоў, каб сведчанні пра гэтыя рэпрэсіі былі захаваныя для гісторыі і будучых юрыдычных ацэнак.